змагайся!
пераможаш!
На Галоўную старонку

КУРАПАТЫ

Курапаты каля Менску (сталіцы Рэспублікі Беларусь) – гэта найвялікшы могільнік беларускіх ахвяраў, забітых расейскімі акупантамі ў пэрыяд камуністычнага генацыду нашай нацыі (1937-1941). Нацыянальны Мэмарыял, створаны на гэтым месцы беларускім народам, мае афіцыйны статус аб’екта гісторыка-культурнай спадчыны Першай катэгорыі.

Афіцэры савецкай сакрэтнай паліцыі НКВД расстралялі ў Курапатах і закапалі ў ямах каля 250 000 чалавек з 1937 г. па 23 чэрвеня 1941 г. (другі дзень нямецкай інвазіі супраць Савецкага Саюза). Па загаду Масквы расейскія камуністычныя акупанты забівалі нявінных людзей – мужчын і жанчын – тут і ў многіх іншых месцах па ўсёй Беларусі. Масква спускала адміністрацыі кожнай вобласьці, раёна і вёскі мясцовы план зьнішчэньня беларускага насельніцтва. Штоноч спэцыяльныя закрытыя машыны НКВД (“хапуны”) прыязджалі ў мясцовасьці і арыштоўвалі ахвяраў. Арыштаваных збольшага прыгаворвалі да сьмерці на аснове незаконных прысудаў так званых “троек” (тры прадстаўнікі савецкай адміністрацыі, НКВД і камуністычнай партыі).

Расейскія камуністычныя акупанты забівалі перш за ўсё беларускіх пісьменьнікаў, паэтаў, навукоўцаў, гаспадарнікаў, прафэсуру, а таксама многіх рабочых і сялян, сьвятароў і вернікаў. НКВД забіў усіх да аднаго беларускіх археолагаў і мастацтвазнаўцаў. З 800 пісьменьнікаў і паэтаў забілі 633 асобы. Са 104 асобаў вышэйшай кіруючай адміністрацыі дзяржаўнай ўлады забілі 102 асобы. За савецкі пэрыяд з 1917 года расейскі НКВД зьнішчыў каля двух мільёнаў чалавек у Беларусі (20 адсоткаў насельніцтва)

Савецкая адміністрацыя трымала ў сакрэце гэтае трагічнае месца на працягу многіх гадоў. У 1988 г. гэтае месца было адкрыта і дасьледвана сп. Зянонам Пазьняком, вядомым археолагам (потым і цяпер палітычны дзяяч апазыцыйнага накірунку). Археолагі знайшлі на сёньняшні дзень каля 600 ям з парэшткамі ахвяр у Курапатах. У 1988 г. Пракуратура Беларусі ўзбудзіла крымінальную справу і назірала (разам з Беларускім Міністэрствам Унутраных Спраў і Беларускай Акадэміяй навук) за археалагічнымі раскопкамі і эксгумацыямі ў Курапатах.

У 1990 г. камуністычныя ўлады Беларусі вымушаны былі прызнаць факт масавых забойстваў людзей савецкім НКВД у Курапатах. Масаваму магільніку была нададзена афіцыйная ахова.

Але пуцінская Масква і яе сатэлітны рэжым Лукашэнкі некалькі разоў (пад ціскам Масквы) спрабавалі зьнішчыць Курапаты. Беларускі народ бараніў сваю сьвятыню, змагаючыся супраць аддзелаў міліцыі і КГБ. Апошнім часам Масква зноў цісьне на дыктатарскі рэжым Лукашэнкі і зноў імкнецца разбурыць Народны Мэмарыял. Для пуцінскай Расеі гэта важна, бо парэшткі расстраляных людзей у Курапатах ёсьць факталагічнай улікай злачынства генацыду. Масква імкнецца пазьбегнуць адказнасьці за массавыя забойствы людзей.

Курапаты маюць спэцыяльную ахоўную зону. Менавіта ў гэтай зоне ўлады дазволілі пабудову рэстарана і забаўляльнай установы на загад Масквы і ў выніку карупцыі. Гэта ёсьць грубым парушэньнем Закона. Рэстаран «Поедем-поедим» мае банкетныя залі, танцавальныя холы, саўну, а таксама інтымныя пакоі. Сп. Леанід Зайдэс зьяўляецца адказным уладальнікам гэтага комплекса. Каля 30 расейскіх і замежных фірм удзельнічаюць у гэтым незаконным праекце.

Спачатку Пракуратура і Міністэрства культуры Беларусі прынялі рашэньне ліквідаваць гэты незаконны аб’ект. Але пачалі дзейнічаць карупцыя і палітычныя схемы. Нягледзячы на пратэсты грамадзтва супраць парушэньн Закона рэстаран і забаўляльная ўстанова былі адкрыты для кліентаў.

Сэнс гэтай правакацыі -- праз кашчунства, праз зьнявагу пачуцьцяў людзей ісакральнага зьместу нацыянальнага магільніка памяці пра генацыд -- выклікаць грамадзкія канфлікты і скарыстаць іх як повад для зьнішчэньня Народнака Мэмарыялу, стварыць там мэмарыяльную фальшыўку, заблытаць і зацямніць праўду пра злачынствы супраць чалавецтвва.

Беларускае грамадзтва пратэстуе, заклікае да шанаваньня маралі, патрабуе ліквідацыі блюзьнерскага аб’екта, разьмешчанага ў ахоўнай зоне Народнага Мэмарыяла генацыда. Грамадзкия прадстаўнікі і актывісты заклікаюць ўсіх сумленных людзей байкатаваць гэты ганебны забаўляльны аб’ект, не падтрымліваць яго існаваньне.

26 ліпень 2018 г.

Зянон Пазьняк / 01-08-2018
Зянон Пазьняк Курапаты Народны Мемарыял
Абмеркаваньне
Камэнтароў пакуль няма. Ваш камэнтар будзе першым!
дадайце свой камэнтар
Вялікі дзякуй за камэнтар! Ваш камэнтар будзе дададзены пасьля праверкі мадэратарам.
Актыўна абмяркоўваюць: